У Гомелі прэзентавалі анталогію перакладаў «Зямля — наш агульны дом». Том 2
15 лістапада ў актавай зале гомельскай універсальнай бібліятэкі ім. Леніна прэзентавалі другі том беларуска-расійскага перакладчыцкага праекта «Зямля — наш агульны дом», які ажыццявіўся ў рамках сумеснага праекта «Берагі сяброўства».
Анталогія сучаснай сусветнай паэзіі «Зямля — наш агульны дом», кніга 2 (Гомель, Мазыр).
Гэта ёмкая кніга на тры пальцы таўшчынёй. Цвёрдая вокладка. Неяк нязвыкла трымаць у руках такуютоўсценькую кнігу паэзіі.
У ёй змешчаны вершы 46 аўтараў з 26 краін свету ў перакладзе на беларускую мову.
Справа кіпела са снежня 2021 па верасень 2022 года. У лістападзе кніга пабачыла свет.
Над ёй працавала 22 пісьменнікі з Гомеля, а таксама 6 аўтараў з Горадні і Магілёва. Некаторым давялося перакласці дваіх, а то і траіх замежнікаў.
Мы з Дар’яй Дарошка таксама спрычыніліся да справы. Дар’я пераклала дваіх: Алтынай Тэміраву з Кыргызстана і Лілію Глігор’евіч з Сербіі. Я пераклаў Ганну Гасіеву з Паўднёвай Асеціі.
Вось некаторыя з нашых перакладаў:
Алтынай Тэмірава. Душа мая любіць завеі, бураны, лавіны…
* * *
Душа мая любіць завеі, бураны, лавіны,
Нібыта яны састаўляюць яе палавіну,
Ды з ёю ў разлуцы яны…
У белым тумане схаваецца дэрвіш–бадзяга,
І белы матыль незнарок ператворыцца ў танга.
Вось белыя крылы, глядзі, і мяне накрываюць,
І быццам стук сэрца на міг усяго прыпыняюць —
Душа дасягае адразу ж завоблачнай высі,
Трыумф напаўняе мае светлакрылыя мыслі…
І там,у касмічным маўчанні
Бушуюць нябёсы і сны.
Душу, бы ў люстэрцы, змяшаюць. як сніў Усявышні,
З люстранай завеяй, я знаю.
І выючы вецер, мяне аглушыўшы,
Запоўняць загадкавыя галасы…
Завея ўсё доўжыцца ўснезе імклівым…
Душа, як дзіцёнак ва ўлонні, што нават не бачыць
Адбітак гуллівы
У водах яго абмываючай плыні.
Душа замірае, бязгучна гайдаюцца шалі.
Кружацца вакол яе снежныя хвалі.
І страху няма — не дрыжаць ад яго мае вейкі.
А цела знікае ў абдымках сусветнай завеі.
Вакол мяне зыркіх агеньчыкаў танец.
На крылах лячу я над прорвай —
Чароўная замець
Шкляны Навагодні запоўніла шар
І зноў замірае душа…
Алтынай Тэмірава. На гары Месяцовай кветкі
Месяцовая кветачка
У вясновых прыцемках,
Барвяна-ліловых, як сама Ліліт…
Усяго толькі яркі кавалачак
Прывіднай любові на планеце,
Увасобленай у адзінай кветцы,
Што кожную вясну
Уладарыць на гэтай гары!..
Апантаныя жарсцю,
Як заўжды,
Сэрцы ўтрапёна імкнуцца
Сюды,
І ногі збіваюцца
Да крыві,
І рукі зноў цягнуцца —
Ірві!..
Ірвуць месяцовую краску,
Ад любові гінучы!..
Сумуе душа
Па святле месяцовым,
Пакветачцы-поўні
Айгуль,
Прыгажуні з паданняў,
Закаханай у волата,
Што не аддаў яе на ганьбаванне.
У жорсткай бітве…
А зараз ён узносіцца гарой велічнай,
Яна ж — палае дзівоснай кветкай
У яго маўклівых абдымках…
Навекі зліліся яны —
Узбагачаючы свет прыгажосцю,
Чароўнаю, светлаю,
Каханнем закалыханай —
Каштоўнасцю стаўшыя
Чырвонакніжнаю.
Лілія Глігор’евіч. Захад сонца
Пакуль не знікне плынь нябёсаў
І дзень рахманна не пагасне,
Гляджу, у прыцемкавай млосці
Зара ўзнікае, нібы ласка.
Яе аранжавыя косы
Мілуюць сонныя пагоркі.
На вечаровыя дзівосы
Гляджу зачараваным вокам.
Перада мной вечнасць гіне,
Я нараджаюся ізноўку.
І небасхіл фарбуе ў сінеч
Жывое зарыва да золку.
Трывожыць, дражніць уяўленне
Апошні промнік зухаваты,
Што праз адзінае імгненне
Нырне ў засмужаныя шаты.
І як у казцы, непрыкметна
Пагасіць у нябёсах вечар
Сыходзячага дня адценні
І мне пакажа шлях у вечнасць.
Ганна Гасіева. Мяне, здаецца, хтосьці тут згубіў…
* * *
Мяне, здаецца, хтосьці тут згубіў,
Мяне, здаецца, хтосьці тут пакінуў.
Стаю сярод вакзальнай таўханіны —
Ніколі гэткіх месцаў не любіў.
Мінаюць людзі — ім не да мяне.
Бягуць гурмой, на іншых не зважаюць.
Адкуль яны? Куды яны з’язджаюць?
Ці ёсць патоля іхняй гамане?
Стаю, цярплю, нібы ў панылым сне,
Сярод людзей бястварых і бясплотных.
Гляджу вакол — а раптам сэрца ёкне,
Калі чыясьці постаць прамільгне?
Хвіліна ікс, здаецца, настае:
Вагоны пасажыраў праглынаюць.
Акон няма, і што ў іх там — не знаю,
Не ўведаю ніколі, c’est la vie.
А люд бяжыць, нібыта час прабіў.
Чаго ён прагне? Ад чаго ўцякае?
Мяне ж, напэўна, хтосьці тут шукае,
Мяне, напэўна, хтосьці тут згубіў.