Танклявы шкляны гарлачык…
* * *
Танклявы шкляны гарлачык
Майго усведамлення
Сусветнай прасторы
Зрабіўся яшчэ больш крохкім,
Яшчэ больш уразлівым,
І зоркам у ім
Стала нібыта цесна.
Ды якое там цесна! —
Амаль рызыкоўна.
Рызыкоўна мітусіцца
На самусенькім дне
І кожнае імгненне
Трапляць у палон
Анігіляцыі любові,
А мо яшчэ і веры,
І нават надзеі…
І што з таго, што амаль адразуж,
У тое ж самае імгненне,
У тую ж самую ноту,
У той жа самы колер,
У той жа самы выбух
Вырывацца з яго, гэтага палону,
І пабліскваць, мільгацець
На самусенькім дне,
Мігцець, ярка ўспыхваючы
Быццам ад званка тэлефона
Ці ад грукату ў дзверы,
У гэтым танклявым,
Уразлівым,
Празрыстым,
Ды не — цьмяным! —
Ды не, во, ізноў празрыстым! —
Ці ўсё ж такі цьмяным
Гарлачыку
Майго ўсведамлення
Сусветнай маралі…
16.03.2022