Яйка ці… верабей?

Posted by Дарья Дорошко on 24 марта 2016 in Дарья Дорошко - Проза на белорусском языке |

Яйка ці… верабей?

Вераб’і цырыкалі на галінцы. Спосаб завязвання гальштука, элегантныя падскокі і манера цвыркаць, заміраючы на высокіх нотах, — усё паказвала на тое, што гэта не нейкія там вераб’і з гарадскіх сметніц, а высокаадукаваныя, духоўна развітыя вераб’і з вышэйшага свету. Абмяркоўвалі надзвычай актуальную тэму: што было раней — яйка ці верабей? Гутарка вялася ў суправаджэнні канцэрту Вівальдзі для чатырох скрыпак з аркестрам, што далятаў з акна дзіцячай музычнай школы насупраць.
— Тое, што першымі на Зямлі з’явіліся менавіта мы, вераб’і, ужо не выклікае сумніваў у навуковых колах, — аўтарытэтным тонам адкрыў дыскусію верабей ў цёмна-жоўтай манішцы, — і цяпер мы маем высвятліць самае галоўнае: а што ж з’явілася раней — вераб’інае яйка ці сам верабей?
— Вераб’іха! — цвыркнуў з месца зусім яшчэ жаўтароты верабей з наіўна-смяшлівым позіркам.
Старэйшае пакаленне праігнаравала нахабніка.
Першым узяў слова, элегантна ўзмахнуўшы правым крыльцам, самавіты вераб’іны мэтр, які надзвычай ганарыўся сваім грасіруючым «р», але толькі рэдкім шчасліўцам шанцавала пачуць гэты чароўны экзатычны гук з ягонага клюва:
— Шаноўныя! Асабіста я лічу, што ўзнімаць гэтую тэму бессэнсоўна, бо мы сутыкнуліся з адным з тым выпадкам у навуцы, калі немагчыма адшукаць адназначны адказ. Некалькі пакаленняў нашых вучоных ужо намагаліся гэта здзейсніць…
— І тым не менш, — перапыніў «француза» верабей у жоўтай манішцы, — я настойваю на тым, што мы працуем напаўсілы, не выкарыстоўваючы ўсіх магчымасцяў нашага ўнікальнага мозгу. Давайце паслухаем нашага калегу, які нядаўна вярнуўся са злёту ў Англіі.
Усе ўхвальна зацырыкалі, просячы выступіць вытанчана-эмацыйнага, некалькі экзальтаванага і млявага вераб’я, што нечым нагадваў ката.
— Вядома, што генетычны матэрыял, — манерна прачысціўшы горла, вымавіў прафесар, -ніколькі не мяняецца на працягу жыцця птушкі, ад вылуплення да скону, значыцца першы верабей існаваў як эмбрыён у яйку. Арганізм, які выспявае ў сярэдзіне яечнай шкарлупіны, мае тую ж самую ДНК, што і верабей (птушаня), у якога ён потым пераўтвараецца. Такім чынам, — павісла шматзначная пауза, — першым усёж-такі было яйка! — урачыста скончыў «англічанін» сваю прамову.
Слухачы дружна заапладзіравалі.
І тут нечакана для ўсіх слова ўзяў малады верабей з жоўтай дзюбай і наіўна-смяшлівым позіркам. Ён грацыёзна ўспырхнуў на тонкую галінку-трыбуну і саманадзейна заявіў:
— Я цалкам згодны з вучоным калегам: першае птушаня несумніўна з’явілася з яйка. Нават пры ўмове, што гэтае яйка было пакладзена іншай разнавіднасцю пярнатых, напрыклад, курыцай, яно ўсё-роўна з’яўляецца яйкам вераб’я, таму што ў сярэдзіне яго — менавіта верабей.
На імгненне запанавала мёртвая цішыня. Потым пачуліся асобныя выкрыкі.
— Гэта нечуваная дзёрзкасць!
— Ігнараваць навуковыя аўтарытэты!
— Адмаўляць агульнапрынятыя дактрыны!
— Ерэтык! Першай птушкай на Зямлі быў верабей! Гэта аксіёма!
— Гнаць яго з навуковай супольнасці!
Але крыкі «Брава!» і «Геніяльна!»», што данесліся з расчыненага акна дзіцячай музычнай школы, заглушылі апошнія акорды вераб’інага санету.

2006

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки: ,

Copyright © 2011-2024 Татмир — Литературный сайт Дарьи Дорошко и Владимира Череухина All rights reserved.
This site is using the Desk Mess Mirrored theme, v2.5, from BuyNowShop.com.