Павуццё зімовае з зоркавым адценнем…
* * *
Павуццё зімовае з зоркавым адценнем:
Ці то шэрань з інеем, ці то снег блішчыць.
Павучок у роспачы, бо згубіў адзенне:
Голенькі ды кволенькі аж звініць-трымціць.
Холадна да млоснага, цьмянага адчаю,
Апраметнай немачы, чорнае тугі.
Нас зіма шалёная спакушае чаем,
Снамі пра зялёныя добрыя лугі.
Павучку між шыбамі сніцца тонкі вэлюм
І смуга спякотная, і мільёны мух.
Павучка журботнага замяту пад мэблю:
Там, у цемры ццёпленькай смецце, пыл і пух.
Пакладу між шыбамі старасвецкай ваты,
Шмат бліскучых шкельцаў, цацак для ялін…
Новы год апоўначы завітае ў хату,
І закруціць хтосьці зноў зорна-снежны млын.
18-19.12.2018