Цімох-дрывасек

Posted by Владимир Череухин on 21 Сакавік 2020 in ТАТМІР — Проза на беларускай мове |

Цімох-дрывасек

(казка)

Было гэта даўным-даўно, калі яшчэ прадзеды нашых дзядоў пехатой пад стол хадзілі. У аднойвёсцы жыў Цімох. Вялікі ўжо вырас: гусі ды каровы ўжо папасвіў, пачалі яго да больш сур’ёзнай хатняй работы далучаць. Што сказаць, быў ён трохі дурнаваты, але старанны і ўпарты, гэтага не адняць. Выправілі яго ў лес дроў насячы. Дагэтуль яго бацька ў дровы ўжо вадзіў, паказваў, як дрэва выбіраць, як яго ссячы, як у двор прывезці – усё паказаў. Сын бацькаву навуку выслухаў, усё запомніў, але, як выявілася, разважыў зрабіць мудрэй. Пра гэта і гісторыя наша.
Дык вось. Цімох наш сякеру навастрыў, сала з хлебам у торбу ўсунуў, запрог каня ды выправіўся ў лес. Прыехаў. Стаў пахаджваць, галавой па баках круціць, нагой па камлі пастукваць – выбіраў дрэва, як бацька вучыў. Спатыкнуўся аб здаравенны сук, які вецер адламаў, ледзьве носам у калючы маліннік не зашыўся. Вылаяўся, штурхануў ад злосці цяжкую ламачыну яшчэ раз, а потым прыгледзеўся да яе ўважлівей. “Эге! – стаў ён сам сабе меркаваць. – Вунь які сук дабрэнны. Калі яго на кавалкі пасячы дровы будуць? Будуць. Пакуль тое дрэва зваліш – сякера затупіцца, сем патоў ыйдзе. Цяжка. Трэба зрабіць, як лягчэй. Вунь колькі галін на дрэвах. Ды хаця б вунь на гэтым. Узлезу наверх. Раз-два, насяку галін. Не паспеюць каровы з пашы прыйсці – прывязу дровы ў двор, поўны воз!
Як сказаў, так і зрабіў. Папляваў на далоні ды шустра дабраўся да ніжняга сука. Усеўся на яго верхам ды давай яго сякерай дубасіць! Праца ідзе, трэскі лятуць. Села на суседнюю галіну варона, пакруціла галавой, паглядзела на Цімохаву работу адным вокам, другім, не ўцярпела:
– Ты што гэта Цімох робіш?
– Дровы сяку. Хіба не бачыш?
– Дык хіба ж так робяць? Ты ж зараз звалішся! – падзівілася чорная птушка, – Гузак наб’еш.
– Адчапіся, дурная варона, – адмахнуўся Цімох, – нічога ты не разумееш.
Перахапіў сякеру зручней, стукнуў па суку яшчэ раз-другі. Той гучна затрашчаў і абрынуўся ўніз, разам з нашым дрывасекам. Гупнуўся Цімох аб дол, не паспеў і “мама” сказаць. Зверху яшчэ шышка прыляцела. Як варона і казала, набіў-такі гузак. Пацёр. Балюча, але дровы, вунь яны, ужо гатова. Яшчэ некалькі разоў так злазіць і поўны воз будзе. Мудра прыдумаў!
Гэтакім чынам работа і закіпела. Цімох наверх лазіць, сячэ сук, падае разам з ім і зноў лезе. А варона побач круціцца, цікуе, толькі шторазу вышэй сядае. Многа ці мала часу мінула, Цімох паабсякаў у беднага дрэва ці не ўсе галіны – толькі ў самым версе засталася зялёная шапка, а ніжэй толькі карацюсенькія абрубкі.
Урэшце прыйшоў і справе канец. Цімох пабіты, але страшэнна задаволены павёз дровы дахаты. Так у яго з гэтага дня і павялося. Добрыя людзі праз такую ўвішную работу сталі называць хлопца толькі Цімохам-дрывасекам. А яшчэ мудрыя кажуць, што акурат з тае пары ў нашых лясах і павяліся сосны, якімі мы іх зараз бачым, але нашая гісторыя не пра гэта.

21.03.2020

Share to Google Plus
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki

Tags: ,

Copyright © 2011-2020 Татмір – Літаратурны сайт Дар'і Дарошка і Уладзіміра Чараухіна All rights reserved.
This site is using the Desk Mess Mirrored theme, v2.5, from BuyNowShop.com.