Цім–дрывасек

Posted by Владимир Череухин on 21 марта 2020 in ТАТМИР — Проза на белорусском языке |

Цім–дрывасек

(казка)

Было гэта даўным-даўно, калі яшчэ прадзеды нашых дзядоў пехатой пад стол хадзілі. У аднойвёсцы жыў хлопец Цім, ці, як яго найчасцей сваякі клікалі — Цімка, Цімошка, а калі ўшчувалі за нейкую вялікую шкоду, то звалі цэлым Цімохам, як дарослага. Вялікі ўжо вырас: гусі ды каровы ўжо папасвіў, пачалі яго да больш сур’ёзнай хатняй работы далучаць. Што сказаць, быў ён трохі дурнаваты, але старанны і ўпарты, гэтага не адняць. Выправілі яго ў лес дроў насячы. Дагэтуль яго бацька ў дровы ўжо вадзіў, паказваў, як дрэва выбіраць, як яго ссячы, як у двор прывезці — усё паказаў. Сын бацькаву навуку выслухаў, усё запомніў, але, як выявілася, разважыў зрабіць мудрэй. Пра гэта і гісторыя наша.
Дык вось. Цім наш сякеру навастрыў, сала з хлебам у торбу ўсунуў, запрог каня ды выправіўся ў лес. Прыехаў. Стаў пахаджваць, галавой па баках круціць, нагой па камлі пастукваць — выбіраў дрэва, як бацька вучыў. Спатыкнуўся аб здаравенны сук, які вецер адламаў, ледзьве носам у калючы маліннік не зашыўся. Вылаяўся, штурхануў ад злосці цяжкую ламачыну яшчэ раз, а потым прыгледзеўся да яе ўважлівей. «Эге! — стаў ён сам сабе меркаваць. — Вунь які сук дабрэнны. Калі яго на кавалкі пасячы – дровы будуць. Пакуль тое дрэва зваліш — сякера затупіцца, сем патоў сыйдзе. Цяжка. Трэба зрабіць, як лягчэй. Вунь колькі галін на дрэвах. Ды хаця б вунь на гэтым. Узлезу наверх. Раз-два, насяку галін. Не паспеюць каровы з пашы прыйсці — прывязу дровы ў двор, поўны воз!
Як сказаў, так і зрабіў. Папляваў на далоні ды шустра дабраўся да ніжняга сука. Усеўся на яго верхам ды давай яго сякерай дубасіць! Праца ідзе, трэскі лятуць. Села на суседнюю галіну варона, пакруціла галавой, паглядзела на Цімаву работу адным вокам, другім, не ўцярпела:
— Ты што гэта, Цімох, робіш?
— Дровы сяку. Хіба не бачыш?
— Дык хіба ж так робяць? Ты ж зараз звалішся! — падзівілася чорная птушка, — Гузак наб’еш.
— Адчапіся, дурная варона, — адмахнуўся Цім, — нічога ты не разумееш.
Перахапіў сякеру зручней, стукнуў па суку яшчэ раз-другі. Той гучна затрашчаў і абрынуўся ўніз, разам з нашым дрывасекам. Гупнуўся Цім аб дол, не паспеў і «мама» сказаць. Зверху яшчэ шышка прыляцела. Як варона і казала, набіў-такі гузак. Пацёр. Балюча, але дровы, вунь яны, ужо гатова. Яшчэ некалькі разоў так злазіць і поўны воз будзе. Мудра прыдумаў!
Гэтакім чынам работа і закіпела. Цім наверх лазіць, сячэ сук, падае разам з ім і зноў лезе. А варона побач круціцца, цікуе, толькі шторазу вышэй сядае. Многа ці мала часу мінула, Цім паабсякаў у беднага дрэва ці не ўсе галіны — толькі ў самым версе засталася зялёная шапка, а ніжэй толькі карацюсенькія абрубкі.
Урэшце прыйшоў і справе канец. Цім пабіты, але страшэнна задаволены павёз дровы дахаты. Так у яго з гэтага дня і павялося. Добрыя людзі праз такую ўвішную работу сталі называць хлопца толькі Цімам–дрывасекам. А яшчэ мудрыя кажуць, што акурат з тае пары ў нашых лясах і павяліся сосны, якімі мы іх зараз бачым, але нашая гісторыя не пра гэта.

21.03.2020

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки: ,

Copyright © 2011-2024 Татмир — Литературный сайт Дарьи Дорошко и Владимира Череухина All rights reserved.
This site is using the Desk Mess Mirrored theme, v2.5, from BuyNowShop.com.