Мова-мама
Posted by Дарья Дорошко on 15 декабря 2023 in Дарья Дорошко - Стихи на белорусском языке | ∞
Я хаваюся ў мову, бы ў матчыны рукі —
Прыціскаюся тварам да цёплых далоняў.
Лашчаць сэрца пяшчотныя родныя гукі,
Дакранаюцца чуйныя пальцы да скроняў.
Я тулюся да мовы з глыбінным даверам,
Бы ўмаленстве — да мяккіх матуліных грудзяў.
Раскрываю насустрач ёй сэрца і дзверы —
Яна цешыць, калі адракаюцца людзі.
І яна захінае ў часіны навалы
Ад варожага змрочнага злоснага слова.
Мяне мова, як мама, у зыбцы гайдала —
У любові ўзгадоўвала мама, як мова.
27.12.2022