Меч-рака
Меч-рака
Бал(ада)
Звінеў, спяваў кавыль пад капытамі.
Гуляўся вецер з грывамі, хвастамі.
Спявала сэрца цемніка старога.
Ляцела цьма без шляху, без дарогі.
Наперадзе туманяцца абшары,
Што схіляцца пад капыты татараў
І зведаюць уладу іх рукі!
Ды вылецелі коні да ракі.
І бліснуў жах у цемніка ў вачах.
Вясёлы шал у іх прывяў, зачах.
Рачная плынь ляжала перад імі,
Нібыта меч на дарагім кіліме.
Адчула сэрца цемніка ўдалога,
Што гэты меч ляжыць перасцярогай,
Мяжой між дзікім полем і лясамі,
Мяжой між кавылём і каласамі.
Адолеў стэпаў сын раптоўны страх.
Ды гэта проста рэчка ў чаратах!
Нашто трымцець перад вадой звычайнай,
Калі ў яго паўсвету за плячамі?
Татары з коньмі рэку пераплылі,
А там чакаў іх князь
З вялікай сілай…
І сеча лютаю была, пяялі стрэлы.
І дзіды з хрустам праціналі целы.
Забіты цёмнік, цьма яго палегла —
Ніводнай жменькі ў дзікі стэп не збегла.
Суціхнуў гром і енк, замоўклі гоні.
Пагойдваюцца ў хвалях трупы коней.
Рака, нібы напоенае джала,
Заваленая целамі ляжала.
Татараў пахавалі пад курганам
Улучна з іх старым, няўдалым ханам.
Ды не сышлі яны ў татарскі рай —
Адпомсціў ім крывёй заліты край:
Пакінуў іх заходзіцца ад смагі.
І слухаюць зялёныя абсягі,
Як енчаць цені, цягнуцца да хваляў.
Ды Меч-рака ля вуснаў іх без жалю
Ператвараецца ў сталёвае лязо,
Абмытае мядоваю расой,
І рэжа ім бясплотныя далоні —
Такім быў лёс чужынцаў беззаконных!
Сышлі ў нябыт чародкаю вякі,
Паболела курганаў ля ракі.
Яна іх шчыра ўсіх папераджала,
Мячом бліскучым на шляху ляжала.
Ды нібы ўсім намазаны быў мёдам
Лясны свабодны край з яго народам!
І лезуць, лезуць цьмы цераз раку,
На радасць растлусцеламу круку,
Каб скон знайсці на берагох яе.
Вада бяжыць, іскрыцца і пяе,
А галасы шасцяць між чаратамі,
І жвір змяіцца ссохлымі ратамі:
— Піць-піць!..
3 лютага 2017