Нагода
Нагода
Эпіграф: … Але й ля эдэмскіх кветак
гляджуся, як райскі змей…
Э. Акулін
Змей ляжыць на санцапёку,
Падстаўляе промням бокі,
Млява выгінае спінку,
Адганяе мух галінкай.
Раптам трэск і шолах злева –
Праз кусты імчыцца Ева.
Не паспеў ён схамянуцца,
Ды кудысьці ўбок крутнуцца,
Аж нясецца за дзяўчынай
Нейкі хлопец без рабрыны –
Па хвасце, як па пероне!
З’ехала на нос карона!..
Моцна змей наш узлаваўся,
Нецэнзурна адазваўся:
“Ні прабач, ні калі ласка!”
Вось таму і адбылася
З плодам мудрасці прыгода –
Не адтоптвайце Кляйнодаў*!
18 чэрвеня 2019
*Кляйноды – рэгаліі