Змрочны анёл
Змрочны анёл
У стромкім касцёле паўсюдна фігуры,
Што выраслі з каменя, дрэва і фарбы.
Між імі анёл, што глядзіць з верхатуры
Са скепсісам, жалем і трохі з пагардай.
Адкуль у вачах яго гэткая горыч
І твар нібы ў рымскага легіянера?
Напэўна разьбяр быў не ў добрым гуморы,
Ці страціў у людства апошнюю веру.
Пад позіркам гэтым страхотна і сыра.
Па спіне — мароз. Ты дрыжыш, як трысцінка.
Капаешся ў сэрцы імкліва і шчыра —
Не ў стане намацаць гарчыцы крупінку.
Анёл пазірае, і хмурацца бровы.
Ён мае шмат словаў пра род чалавечы.
Ды толькі на шчасце мы — клопат Хрыстовы,
Атара ваўчыная ў шкурах авечых.
26 жніўня 2018