Дзядуля Мароз і грэйпфрут

Posted by Дарья Дорошко on 4 февраля 2026 in Дарья Дорошко - Проза на белорусском языке |

Калі мне было гадоў 5-6, я безагаворачна верыла ў Дзеда Мароза. І дужа любіла грэйпфруты, ці, як мы іх тады называлі, гібрыды. Дарэчы, я і зараз іх люблю. Ну, дык вось. Зіма, снег, пераднавагоддзе. Выйшлі мы ўтрох — мама, тата, я — на вечаровую прагулку: у снезе там паваляцца, пабегаць па лёдзе, за маміну далонь трымаючыся, пракаціцца. І тут — раз ! — мама рэзка спыняецца пасярод нашага двара і пытаецца ў таты: «А ты гадзіннік узяў?». «Вох, забыўся!», — адказвае тата і вяртаецца ў пад’езд. Ну что ж, стаім, дарослыя сур’ёзныя размовы з мамай вядзем. Пра тэлефон гарадскі, які хутка ўжо правесці мусяць — гэта я. Пра татаў забыты гадзіннік — мама. Тата нарэшце з’яўляецца на ганку, і мы ідзем гуляць па цёмным снежным горадзе. Шчасце! Злева тата, зправа мама, за шчакой цукерка «Тузік»!

А калі, праз гадзінку, мы вяртаемся, заснежаныя, шчаслівыя, дамоў, у куце канапы я знаходжу — о, дзіва! — вялізны, прахалодны і трошачкі рыфлены на дотык, радасна жоўты і такі любімы грэйпфрут! Хапаю яго рукамі, якія азяблі ад снегу і яшчэ не паспелі сагрэцца ў клапатлівым цяпле кватэры, прыціскаю да сябе і валаку гэты чарадзейны ва ўсёй неспасціжнасці свайго з’яўлення Падарунак на кухню, да мамы. «Мама! Глядзі! Адкуль?!», — захліпаюся ад захаплення. «Гэта табе Дзед Мароз прынёс, пакуль мы гулялі», — усміхаецца мама. Яна трошачкі фальшывіць, але мне, зазвычай такой уважлівай і ў’едлівай, зараз зусім не да ненатуральных нотак, што праслізнулі у маміным голасе: у мяне здарыўся цуд! И вось, мы ўжо сядзім разам за кухонным сталом, і мама разбірае сюрпрыз на долькі. Потым вызваляе сакавітую духмяную зярністую мякаць ад тонкай гаркаватай скуркі і падносіць да маіх вуснаў. Я ўбіраю, удыхаю, паглынаю гэты цуд і час ад часу з сур’ёзным выглядам пытаюся ў крыніцы гэтай радасці: «Не, ну я ўсё разумею! Дзед Мароз прынёс мне падарунак. Я ведаю, што ён ёсць. Але адкуль жа ён даведаўся, што я люблю гібрыды?!» Гэтае яго веданне пра мае смакавыя схільнасці выклікала здзіўленне, неўразуменне, захапленне: няўжо я некаму настолькі цікавая, што гэты нехта — мне незнаёмы! — ведае пра мяне ўсё!

27.12.2014.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки: ,

Copyright © 2011-2026 Татмир — Литературный сайт Дарьи Дорошко и Владимира Череухина All rights reserved.
This site is using the Desk Mess Mirrored theme, v2.5, from BuyNowShop.com.