Ледзянцовае
Зорная, ільдзістая высачыня. Не дасягальная, не спасцігальная — сігай-не сігай, сягай-не сягай — неспасцігальная, недасягальная! Сама як лядзяш і ўсё ледзяніць. І зусім трошачкі, самую крышачку ледзянцовая — як у маленстве. Зорна-ледзянцовая. Зоркі-манпансье высока вісяць, прыклееныя — не дацягнуцца, не сарваць. Але салодкія! Як сон, як… А вось ужо і ранак! Якія там зоркі, калі яшчэ гэтыя зоркі!, дзе… Ах, вось жа яны — пад палазамі саначак, на якіх мамуся ў яслі вязе! Вунь-вунь блішчаць, зіхацяць, пераліваюцца! І ах — салодкія, мусіць! Вой!
— Ну што ж ты!
А гэта ўжо мамуся — падняла, абтрушвае. Ніводную гурбу не прапусціш — усе твае! Бур-бур-буркуе-ляпеча, а зоркі — вось жа яны! Ранкам пападалі, калі снег пайшоў. За сняжынкі ўхапіліся і сняжынкамі зрабіліся — І ўніз, уніз, пад саначкі Анечкіны — бухты-барахты, шорх-шорх — салооодкія!..
— Ну што ж ты! Нашто ты снег ясі? Застудзішся!
ізноў мамуся! Бур-бур-буркуе-ляпеча… А зоркі і не салодкія зусім… Амаль як каша манная, белая. Застылая, брыдкая…
— Ну што ж вы на сняданак ізноў спазніліся?
А гэта нянечка, але…
Бур-бур-буркуе-лапоча… І сонейка за акном. Як вялікі ледзянец. І, вядома ж, салодкае!..
8.11.24