Сыходзіць сонца…
* * *
(эпіграф: Чалавек, гэта істота без пер’я.
Платон)
Сыходзіць сонца, адплывае лета.
Скрозь сон прабіўся спеўны голас флейты,
Якой Пастух збірае дзікіх птушак
І разам з імі кліча ўдалеч душы.
Скрозь сон, скрозь шыбы далятае звонку
Чароўны і прызыўны голас звонкі,
А ты ляцець нікуды не павінны,
Не трэба наядацца журавінаў
І выпраўляцца ў цяжкі шлях далёкі,
Які віецца ўдалеч паўз аблокі.
Ты гэты лёс даўным даўно адрынуў
ямчэй зарыйся ў цёплую пярыну
напханую уласным мяккім пер’ем
Складай памалу вершы на паперы.
Табе нікуды адлятаць не трэба,
Цябе не кліча жнівеньскае неба,
Адпачывай, Платон!
23 жніўня 2025
10:23, субота, Рагачоўская