У любові

Posted by Дарья Дорошко on 4 февраля 2026 in Дарья Дорошко - Проза на белорусском языке |

Любімы татаў гадзіннік. Наручны, з вялікім цыферблатам, з прыгожымі арабскімі лічбамі на ім. І з акенцам календара, што адшчоўквае, як шалупінне, дні кожнай новай поўначчу. Ндзл белымі літарамі на чырвоным квадраціку і будні — чорнымі літарамі на белым. Прыгожы вялікі цыферблат у кругляшы з жоўтага металу. Гэта быў наручны гадзіннік на карычневым раменьчыку — татаў гадзіннік, які ён надзяваў штораніцы на працу. Ручны час. Ручная вечнасць любові. На працу тата ўставаў у шэсць гадзін. Іншым разам я прачыналася і выходзіла да бацькоў на цёплую, утульную, жоўтую — праз цёплае ўтульнае святло — кухню. Тата сядзеў ля стала ў маёй любімай байкавай цёплай кашулі, у якой ён заўсёды хадзіў на працу. Гэта была самая прыгожая кашуля, якой толькі магла быць мужчынская байкавая кашуля: на ёй былі чырвоныя і сінія завітушкі! Чырвоныя і сінія! Гэта было самае, самае найцудоўнае колеравае спалучэнне ў дзяцінстве і для дзяцінства! А яшчэ яна была пяшчотная і цёплая. Тата сядзеў ля стала і снедаў перад працай. Я падыходзіла ззаду і, прытуліўшыся да шырокай спіны, кратала, кратала мяккую цудоўную, чырвона-сінюю тканіну самай найлепшай кашулі на свеце. І гэта таксама было любоўю. Увогуле, у дзяцінстве мы часта неўсвядомлена жывем у гэтай самай любові да ўсяго свету і любові свету. У дзяцінстве мы купаемся ў любові, любові падсвядомай і ўсеабдымнай. Побач, ля стала сядзела мама і глядзела, як тата есць. І гэта таксама была яна — любоў. А за акном была непраглядная халодная чарната позняй восені, ранняга шасцігадзіннага золку. І нават гэта была любоў! Бо туды, у тую чарнату і холад зараз выйдзе мой тата ў сваёй чырвона-сіняй цёплай кашулі, і яна, гэтая чарната растане і расфарбуецца; таму што тут, у кухні, цёплае жоўтае святло — і ах, які ж гэта хвалююча ўсеабдымны кантраст з чорным восеньскім светам там, за халоднай ранішняй шыбай! І яшчэ таму што побач мама… І я сыходжу дасынаць — шчаслівы пяцігадовы восеньскі татаў-мамін Сусвет любові…

Я расплюшчваю вочы. Мне сорак сем. За акном халодная чарната ранняга восеньскага золку.
У пакоі — яна ж, але цёплая. Цёплая восеньская чарната. А ёсць яшчэ зімовая, вясновая, летняя… А ёсць яшчэ дзённая, вечаровая, начная… Вечная чарната без любові(?) Вочы расплюшчаны і ўпіваюцца прагай жоўтага ўтульнага хатняга святла. Вечнай прагай Тантала. Тані… Кантраст знік, знік даўно, засеўшы ў падкорцы мяккім водсветам мінулага… Знешняга кантрасту, жыццядайнага, жыццесцвярджальнага кантрасту больш няма. Але ёсць ён — унутраны!
У сэрцы, глыбока-глыбока, у самым сэрцы свайго асабістага Сусвету ўсе мы шчаслівыя. І любімыя. І любім.
Я іду на кухню, на водар кавы. Ля стала сядзіць муж. На ім мяккая байкавая кашуля нейкага там колеру — не помню. Утыкаюся ілбом між лапатак-крылаў і кратаю, кратаю, гладжу гэтыя лапаткі, плечы, мяккую цёплую — успомніла! — бардовую тканіну. «Шэсць гадзін роўна», — гаворыць смартфон мужа. Я шчаслівая і таму сядаю побач і п’ю гарачую чорную каву. І гэта таксама любоў…

Кастрычнік 2024.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки: ,

Copyright © 2011-2026 Татмир — Литературный сайт Дарьи Дорошко и Владимира Череухина All rights reserved.
This site is using the Desk Mess Mirrored theme, v2.5, from BuyNowShop.com.