Зоркі і лісце
(дыпціх)
I
Адкрыццё
Жнівень. Яшчэ колькі тыдняў спякотнага лета,
Толькі мне чутна, што восень ужо ля парога.
Кветкі петуній марнеюць ад ветру сырога.
Пахі ў паветры мне служаць яскравай прыкметай,
Кажуць яны, што свяціла з Ільвінай бярлогі
Шусьнула ў госці, на ручкі да зорнай Дзяўчыны,
І пазірае з халодных нябёсаў Айчыны,
Слухае поклічы зорнай птушынай дарогі.
Як невідушчы звяздар, і як чаю аматар,
Я падзялюся цікавым, духмяным адкрыццем:
Гэты куточак арбіты, засыпаны лісцем,
Пахне як пачак цудоўнай цэйлонскай гарбаты.
6 верасня 2024
II
Караблік
Давай пасядзем на краёчку лістка
І будзем разам глядзець на зоркі.
Глядзі, вунь наша жарынка-Сонца!
Глядзі, якая за краем чарнее бясконцасць!
І толькі далёка-далёка галактыкі, нібыта пёркі.
Ты марыў пракаціцца ў карабліку з кляновага лісточка?
Я таксама. Вунь астатняе лісце кружыцца ў павольнай гонцы.
Наш караблік з краёў падсыхае, але можа нас несці доўга,
Амаль бясконца.
Мы ўсе разам плывем у снежань, адкуль вее сцюдзёным ветрам.
21 чэрвеня 2025