Курапаты
Курапаты
(Курапаты, кураслепкі — дыялектная назва белых пралесак)
Сыходзяць снігі і на ўгрэтых узлесках,
Адна за адной зацвітаюць пралескі.
А ў лесе ля Менску, ва ўрочышчы болю
Таксама струменіцца сонца скрозь голле,
Цалуе і песціць жаўтлявы пясочак,
Нібыта да костак прагрэць яго хоча!
Трапечуць, як свечкі, бялюткія кветкі —
бясконцых растрэлаў маўклівыя сведкі.
Спачылі ахвяры, зарылі іх катаў,
А ў лесе праклятым цвітуць курапаты.
Як белая замець, як вечная памяць,
Якую нікому нічым не запляміць!
27 лістапада 2013