Баразна
Posted by Владимир Череухин on 15 декабря 2023 in Владимир Череухин - Стихи на белорусском языке | ∞
Сухадол ляжыць пахмура.
Кінуць вокам — свет няміл.
Уздымаецца віхура,
Завівае мёртвы пыл.
Лёг пад ветрам верас звонкі,
Дрэвы хіляцца на бок,
Нікне долу камняломка —
Нешта гневаецца Бог!
Надараецца часіна:
Доля — горай за палын,
Стане ў горле даўкай глінай
Самы спраўны жытні блін…
Бабы ходзяць хросным ходам,
Гуртам цягнуць востры плуг.
Дружным стогнам, горкім потам
Замыкаюць трэці круг.
Цэрква пахне цёплым воскам
Там, дзе хмыліўся Сварог.
Баразна навокал вёскі —
Самы спраўны абярог!
2 лютага 2023