Абуджэнне

Posted by Дарья Дорошко on 31 March 2019 in Дарья Дорошко - Проза на белорусском языке |

Абуджэнне

Люстэрка разбілася. “На шчасце!” — упарта страсянула кучарамі Наста.
— Давай! — тут жа аднекуль між металам і шклом праплішчылася тонюсенькая, як цень, чорная лапка з патрабавальна раскрытай далонькай.
— Чаго?! — Наста не тое, каб спалохалася, хутчэй асалапела.
— Ну як чаго? Шчасце давай! Сама прапаноўвала.
— Я-а-а-а-а! — Да дзяўчынкі нарэшце дайшло, што ў яе на вачах дзеецца хаця і абсурдная, як сон, але ўсё ж-такі рэальнасць, і паніка насунула на галаву цяжкі ватны каўпак з бразготкамі, якія тонка пазвоньвалі ўвушшу.
— Ты, ты, а хто ж яшчэ! І няма чаго крычаць, а то прачнешся, а я зноў без шчасця застануся, — цяпер перад Настай нецярпліва пераступаў даўгалыгімі нагамі яе ўласны цень.
Страх знік гэтаксама раптоўна, як і накаціў . “Значыць гэта ўсёткі сон”, — з палёгкай прамільгнула ў кучаравай галаве.
— Ну так, сон, — кучаравы цень страсянуў галавой, — але шчасце я ўсёткі забяру! Традыцыя, разумееш.
І цень дакрануўся раскрытай даланёй да насціных вачэй…

Калі Наста прачнулася, ёй было ўжо 40 гадоў, 30 з якіх яна пражыла з сумнымі вачыма, ныючы і жалячыся на жыццё. У люстэрку куляўся сонечны зайчык, час ад часу ныраючы ў Настин чай, каб выкупацца. “Да чорта традыцыі!” — страсянула стрыжанай галавой жанчына і ўсміхнулася. А потым падмяла старыя люстраныя аскепкі, запхнула ў кішэню цень, разгарнула сонечныя крылы і паляцела жыць.

29.03.2019.

Поделиться в соц. сетях

Share to Google Buzz
Share to Google Plus
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Odnoklassniki

Tags: ,

Copyright © 2011-2024 Татмир – Литературный сайт Дарьи Дорошко и Владимира Череухина All rights reserved.
This site is using the Desk Mess Mirrored theme, v2.5, from BuyNowShop.com.