Азярніцы

Posted by Владимир Череухин on 10 Май 2017 in Владимир Череухин - Стихи на белорусском языке |

Азярніцы

Россып зіхотак, блішчыць Зорны Кол*.
Спіць азярына і пушча наўкол.
З-за аблачын паказалася поўня,
Шухнула ззяннем малочным, халодным.
Ад чаратоў, між лілеяў чароўных,
Сцежка прабегла зіхоткая, роўная.
Раптам яе патрывожылі вілы,
То з глыбіні таямнічай усплылі
Стайкай, пабраўшыся разам за ручкі,
Вадзяніковы гарэзныя ўнучкі,
Каб пагуляць колькі часу на волі,
Покуль зара не дзьмухне на вуголле.
І пачалося: смех, пырсканне, віск.
Лес закрактаў, скасавурыўся ўніз.
Згледзеў у хвалях рухавыя спіны,
Вырачыў дуплы і веі-галіны,
Шырай расплюшчыў, замёр, не рыпіць —
Хто ж гэта дзіва такое праспіць?
Доўга ці мала іх доўжыўся вэрхал —
Ды прытаміліся, выйшлі на бераг.
Селі ў кружок на бялюткім пясочку,
Косы выкручваюць нібы сарочку.
Ветрык спыніўся, прыкмеціўшы іх,
Ссунуўся ў травы, ікнуў і прыціх.
З неба данеслася ціха: «Авой» —
Поўня хітае сівой галавой:
«Што ж за мужчыны — і гэты туды ж!
Хоць не вылазь ты дзяўчынкам з вады!»
Пруткія, гнуткія нібы лазіна,
Косы зялёныя коцяць па спіне.
Голас празрысты і смех малады
Срэбру падобны крынічнай вады.
Гора, о гора табе, чалавек,
Як набрыдзеш ты ў ліхую часіну
На азярніц зорнавокіх мясціну!
Іх чарадзейнай забраны красой,
Выйдзеш бязвольна з-за схоўных кустоў.
Дзеўкі абдымуць, залашчаць нябогу —
Лепшае ночы не будзе ні ў кога!
Толькі… Абвесціць зара новы дзень —
Знойдзеш спачын ты ў глыбокай вадзе.
Доўга над возерам рэха звінела,
Нават калі яшчэ трохі віднела:
Вёскі далёка і пеўні далёка.
Толькі калі запалалі аблокі,
Кінулі гулі свае азярніцы
Ды падалей ад нялюбай Дзянніцы
Вёрткімі рыбкамі ў хвалі нырнулі
Ды пад карчом у прадонні паснулі.

2006, 2016

  • Зорны Кол — беларуская народная назва Палярнай зоркі

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Метки: , , ,

Copyright © 2011-2022 Татмир — Литературный сайт Дарьи Дорошко и Владимира Череухина All rights reserved.
This site is using the Desk Mess Mirrored theme, v2.5, from BuyNowShop.com.