Рыба
Posted by Владимир Череухин on 29 мая 2018 in Владимир Череухин - Стихи на белорусском языке | ∞
Рыба
Вецер свішча ў скарлючаным голлі,
Дрэвы шкрабаюць кіпцямі шыбы,
Шыбы ціхенька енчаць ад болю
І люструюць зіхоткую рыбу —
Круглабокую рыбіну–поўню,
Што плыве ў прамарожаных нетрах
І глядзіць адхланёна і роўна.
А на песні сіпатыя ветру
Ёй пляваць з высачэзнай званніцы!
І не кіне галоднаму хлеба:
Колькі ў роспачы шыбам не біцца —
Не дакінуць малітвай да неба!
Рыбе тое не трэба.
27 траўня 2018