Верасовая панна
Posted by Владимир Череухин on 14 октября 2018 in Владимир Череухин - Стихи на белорусском языке | ∞
Верасовая панна
Верасовая панна крычыць за ракою.
Вецер воклічы ўзносіць да самых аблокаў.
Толькі тыя аблокі занадта далёка,
І ад іх патыхае нялюдскім спакоем.
На плячах распатланыя чорныя космы.
Стогн ірвецца са ссохлых, пакрыўленых вуснаў.
Пад сухімі нагамі галінка не хрусне,
Іх крапіва кусае амаль што нязлосна.
За ракою нікога: пужаюцца людзі
Верасовае панны з ашчэраным ротам.
Сэрца поўніцца вострай, як серп адзінотай.
Водар восеньскіх траў уліваецца ў грудзі.
27 верасня 2018