Начны акіян
Начное неба твар схіліла чорны,
Углядваецца ў вока акіяна,
Які ляжыць расслаблена, рахмана —
Малюе ў нетрах зорную карону.
Яго пагляд, празрысты, нібы люстра —
Агромністае люстра на паў-свету —
Уважлівы і пільны, быццам сетка!
Хто скажа, што ў бяздоннай зрэнцы пуста? —
Той не глядзеў у вусцішныя глыбі,
Не бачыў слізгацення чорнай спіны,
Не бачыў, як лунае несупынна
Уніклівая, скрадлівая рыба.
Не бачыў ён, як сілішча тугая
разгортваецца плаўна і раскута,
Не ведае пра велічнага спрута
За той мяжой, дзе промні не сягаюць!
27 сакавіка 2021