«Альтанка» ўбачыла свет!
Мы нарэшце ўзвялі альтанку ў сваім садзе і запрашаем у яго сяброў!
Шчаслівыя паведаміць што паўгадовая эпапея па стварэнні кнігі-такі скончылася! Учора прывёз наклад дамоў. дарогаю мае рукі паведамілі што наш з Дар’яй уносак у айчынную беларускамоўную літаратуру “вох, важкі!” 🙂
Бліжэйшымі днямі разашлю і раздам падпісаныя асобнікі тым, хто не спалохаўся такой экзотыкі, як папярэдні продаж ненадрукаванай пакуль кнігі – дзякуй ім! Перадзамовы робяць жыццё аўтараў значна лягчэйшым.
Прэзентацыя будзе пазней. Мы пра яе паведамім абавязкова.
А пакуль тое, давайце я пазнаёмлю вас з кнігай бліжэй.
На выяве, што ніжэй змешчаны разварот вокладкі. На левай палове выявы – задняя вокладка. На ёй надрукаваны верш, прысвечаны майму сонцу, Дар’і Дарошка. 🙂
Тым, хто трымаў у руках нашу папярэднюю кнігу “Маяк” скажу, што !Альтанка” такога ж фармату. Паміж гэтымі кнігамі, наогул, вельмі шмат блізкага.
Дзякуй выдаўцу Генадзю Вяйнярскаму і яго “Беларускаму кнігазбору” – работа, як заўсёды, вельмі якасная.
Гэта чацвёртая кніга, якую мы з імі зрабілі. Наша супрацоўніцтва распачалося ў 2010 годзе, шчасліва цягнецца і да гэтай пары.
За прыгожую вокладку і ілюстрацыі мы павінны шчыра падзякаваць гомельскаму паэту і мастаку Алегу Ананьеву. Ён у свой час аздабляў і “Маяк” таксама. Ілюстрацыі Алега Валянцінавіча, гэта не проста малюнкі да асобных радкоў, а вынік яго асацыятыўнага перапражывання прачытанага, гэта самастойны візуальны сэнсавы слой у кнізе, які пашырае яе прастору і запрашае чытача выправіцца ў свет уласных відзежаў.
Дзякуем таксама нашаму сябру Дарын Макнэмі
з ірландскага горада Ватэрфорд
за любоў да літаратуры і шчырую падтрымку
пры стварэнні гэтай кнігі.
Кніга складаецца з 5 раздзелаў
Дар’я Дарошка. Раздзел паэзіі “Чароўнае кола”
Дар’я Дарошка. Раздзел прозы “Дыялог з Яно”
Уладзімір Чараухін. Раздзел паэзіі “Сэрца свету”
Уладзімір Чараухін. Раздзел прозы “Гульня абліччаў”
Раздзел “Татмір”
140 старонак
наклад 99 асобнікаў
Частка твораў, змешчаных у кнізе ўжо апублікавана на гэтым сайце, але ёсць там багата і таго, што дагэтуль нідзе не друкавалася. Мы паступова павыкладваем творы на сайт.
Анатацыя
“«Альтанка» — трэцяя сумесная кніга літаратурнага сямейнага дуэта Уладзіміра Чараухіна і члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Дар’і Дарошка. Першыя два зборнікі («Не наступайте птице на крыло…» і «Маяк») былі выдадзены на рускай мове. У трэцім аўтары дзеляцца з чытачамі сваімі вершамі, апавяданнямі і афарызмамі на беларускай мове, роднаснай іхняму духоўнаму сусвету. У кнізе шырока прадстаўлена як асабістая, так і сумесная (пад псеўданімам Татмір) творчасць аўтараў. «Альтанка» прыйдзецца даспадобы аматарам лірыкі, філасофіі і добрага гумару.”
Прадмова ад Алега Ананьева
Калісьці меркаванне пра асобу можна было скласці па яе адказе на пытанне: «Хто твой кумір сярод паэтаў?» У эпоху высокіх тэхналогій многія лічаць: вершам увогуле няма месца, для іх не засталося часу. Але ёсць і тыя, каго пытанне «Ці патрэбна паэзія сёння?» здзіўляе, бо для іх паэзія — форма ўспрымання жыцця. Дар’я Дарошка і Уладзімір Чараухін, якія чуюць подых цішыні, ствараюць у вершах такі сусвет, што ўзнікае думка: у гонцы за матэрыяльнымі здабыткамі, пазбаўленыя паэзіі, мы абдзяляем, абкрадваем, абядняем сябе… Прырода нарадзіла нашы душы падобнымі на музычныя інструменты. З маленства жыццёвая прастора для нас — напоены гукамі космас. З гадамі гэты рэзанатар грубее — струны таўсцеюць, — і мы ўжо не здольныя чуць у наваколлі тонкія мелодыі, не кажучы ўжо пра тое, каб імкнуцца самім ствараць іх. Для тых, хто звыкся да грубасці і фальшу, і гучаць шлягеры, у якіх няма паэзіі і музыкі, плодзяцца шэрыя дэтэктывы, кінастужкі. Вытокі шматколернага свету Дар’і і Уладзіміра ў чулым спасціжэнні жыцця, дзе кожны гук — каштоўнае імгненне: носьбіт інфармацыі, колеру, пачуццяў… Упэўнены, беларуская мова імі абрана зусім невыпадкова. І не толькі з мэтай нагадаць нашы генетычныя, старажытныя вытокі, унесці ўклад у адраджэнне радавой еднасці. Павага аўтараў да спадчыны продкаў праступае і ў выявах, дзе адбываецца асэнсаванне гісторыі айчыны, былін, легенд беларускага народа, і ў беражлівым стаўленні да роднай мовы, сродкамі якой ствараецца прывабная напеўнасць, аўра паэтычнага сусвету. Іх вобразы — сінтэз сэнсу і мелодыі. Паэты выцягнулі з куфраў словы нашых продкаў, якія зіхацяць у паэтычнай прасторы, як бурштын.
Цьмянеюць уражанні аб дыспутах пра самастойнасць беларускай мовы; не пабаюся пафасных высноў: чытача, працятага мілагучнасцю, спакваля напаўняе гонар дачынення да краіны і народа, які стварыў такую прыгожую мову. Беражлівыя адносіны да роднай мовы родняць аўтараў, але не абязлічваюць іх. У паэтычных выявах выразна праяўляюцца жаночая і мужчынская існасці, што надае непаўторныя адценні пачуццям, уласцівым кожнаму ў авалоданні жыццём. Пульсуюць розныя характары, ззяюць эмацыйныя палітры… У тых, хто гаворыць душой, свая філасофія. Чуллівая і ўсхваляваная, гэтая філасофія — абярэг жыцця, дзе і радасць, і боль зямны. Дар’я і Уладзімір заўсёды ў дыялогу — ён нібы падмурак у будаўніцтве Альтанкі — яна паўстае, быццам Храм духоўнага і рамантычнага светаразумення, дзе зіхаціць сэрца свету, агортвае захапленне жыццём. Здзіўляе і зачароўвае: у гэтым спасціжэнні быцця навобмацак няма месца нудоце і засмучэнню. Святланосная паэзія, празаічныя карціны, пранікнёныя думкі на прыпынках, вясёлкавыя вершы для дзяцей — усё гэта промнямі кранае сэрца, абуджае веру ў несмяротнае каханне, у тое, што ў кожным чалавеку сонца, — дораць радасць і надзею. І прыходзіць разуменне: каб гэтае хараство не згасала, абуджайце паэзіяй трапяткія адносіны да кожнага імгнення жыцця, адно да аднаго. Алег АНАНЬЕЎ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, паэт, мастацтвазнаўца
Па пытаннях набыцця
Па пытаннях набыцця пішыце нам у прыват у сацсетках.