Дзядуля Мароз і грэйпфрут
Калі мне было гадоў 5-6, я безагаворачна верыла ў Дзеда Мароза. І дужа любіла грэйпфруты, ці, як мы іх тады называлі, гібрыды. Дарэчы, я і зараз іх люблю. Ну, дык вось. Зіма, снег, пераднавагоддзе. Выйшлі мы ўтрох – мама, тата, я – на вечаровую прагулку: у снезе там паваляцца, пабегаць па лёдзе, за маміну далонь трымаючыся, пракаціцца. І тут – раз ! – мама рэзка спыняецца пасярод нашага двара і пытаецца ў таты: “А ты гадзіннік узяў?”. “Вох, забыўся!”, – адказвае тата і вяртаецца ў пад’езд. Ну что ж, стаім, дарослыя сур’ёзныя размовы з мамай вядзем. Пра тэлефон гарадскі, які хутка ўжо правесці мусяць – гэта я. Пра татаў забыты гадзіннік – мама. Тата нарэшце з’яўляецца на ганку, і мы ідзем гуляць па цёмным снежным горадзе. Шчасце! Злева тата, зправа мама, за шчакой цукерка “Тузік”!
А калі, праз гадзінку, мы вяртаемся, заснежаныя, шчаслівыя, дамоў, у куце канапы я знаходжу – о, дзіва! – вялізны, прахалодны і трошачкі рыфлены на дотык, радасна жоўты і такі любімы грэйпфрут! Хапаю яго рукамі, якія азяблі ад снегу і яшчэ не паспелі сагрэцца ў клапатлівым цяпле кватэры, прыціскаю да сябе і валаку гэты чарадзейны ва ўсёй неспасціжнасці свайго з’яўлення Падарунак на кухню, да мамы. “Мама! Глядзі! Адкуль?!”, – захліпаюся ад захаплення. “Гэта табе Дзед Мароз прынёс, пакуль мы гулялі”, – усміхаецца мама. Яна трошачкі фальшывіць, але мне, зазвычай такой уважлівай і ў’едлівай, зараз зусім не да ненатуральных нотак, што праслізнулі у маміным голасе: у мяне здарыўся цуд! И вось, мы ўжо сядзім разам за кухонным сталом, і мама разбірае сюрпрыз на долькі. Потым вызваляе сакавітую духмяную зярністую мякаць ад тонкай гаркаватай скуркі і падносіць да маіх вуснаў. Я ўбіраю, удыхаю, паглынаю гэты цуд і час ад часу з сур’ёзным выглядам пытаюся ў крыніцы гэтай радасці: “Не, ну я ўсё разумею! Дзед Мароз прынёс мне падарунак. Я ведаю, што ён ёсць. Але адкуль жа ён даведаўся, што я люблю гібрыды?!” Гэтае яго веданне пра мае смакавыя схільнасці выклікала здзіўленне, неўразуменне, захапленне: няўжо я некаму настолькі цікавая, што гэты нехта – мне незнаёмы! – ведае пра мяне ўсё!
27.12.2014.